Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зачапіўшы свайго таварыша і атрымаўшы за гэта ад яго ўдар лінейкаю па лобе, загараецца, як агонь, шалёны выскаквае з-за лаўкі і ляціць за спалоханым таварышом сваім, гатовы разарваць яго на часьці, і раптам налятае на таго, які ўваходзіць у клясу, настаўніка: у міг прыціхае шалёны парыў, і падае бясьсільная злосьць. Падобна да гэтага, у адзін міг згінуў, як-бы і ня быў зусім, гнеў Андрыяў. І бачыў ён перад сабою аднаго толькі страшнага бацьку.

— Ну, што-ж цяпер мы будзем рабіць? — сказаў Тарас, гледзячы проста яму ў вочы. Але нічога ня мог на гэта сказаць Андрый і стаяў, спусьціўшы ў зямлю вочы.

— Што, сынку, памаглі табе твае ляхі?

Андрый быў безадказны.

— Дык прадаць? прадаць веру? прадаць сваіх? Стой-жа ж, злазь з каня!

Паслушна, як дзіця, зьлез ён з каня і стаў ні жывы, ні мёртвы перад Тарасом.

— Стой і не варушыся! Я цябе спарадзіў: я цябе і заб’ю! — сказаў Тарас і, адступіўшы шаг назад, зьняў з пляча стрэльбу. Белы, як палатно, быў Андрый, відаць было, як ціха варушыліся вусны яго і як ён вымаўляў чыёсь імя, але гэта ня было імя айчыны, ці маці, ці братоў — гэта было імя прыгожае палячкі. Тарас выстраліў.

Як жытні колас, падрэзаны сярпом, як малады баранчык, што пачуў пад сэрцам сьмяротнае жалеза, павіс ён галавою і паваліўся на траву, не сказаўшы ніводнага слова.

Спыніўся сыназабойца і глядзеў доўга на нядыхаўшы труп. Ён быў і мёртвы прыгожым: мужны твар яго нядаўна поўны сілы і непераможнага для жанок ачараваньня, усё яшчэ выказваў дзіўнае хараство, чорныя бровы, як жалобны машаст, адценьвалі яго пабялеўшыя рысы. — Чым-жа ж не