Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ахоплены пылам і жарам бітвы, прагавіты заслужыць навязаны на руку падарак, паляцеў, як малады борзы сабака, найхарашэйшы, найхіжэйшы і наймаладзейшы за ўсіх у стадзе. Атукнуў на яго дасьведчаны паляўнік — і ён паляцеў, пусьціўшы простаю рысаю па паветры свае ногі, увесь пахіліўшыся на бок усім целам, баразнуючы сьнег і дзесяць разоў выпярэджваючы самога зайца ў гарачцы свайго бегу. Затрымаўся стары Тарас і пазіраў на тое, як ён чысьціў перад сабою дарогу, разганяў, рубаў і сыпаў удары направа і налева. Ня вытрываў Тарас і закрычаў: — Як? сваіх? сваіх, чортаў сыне, сваіх б’еш? Але Андрый не разьбіраў, хто перад ім быў, свае ці іншыя якія, нічога ня бачыў ён. Косы, косы ён бачыў, доўгія, доўгія косы, і падобныя да рачнога лебедзя грудзі, і сьнежную шыю, і плечы, і ўсё, што створана для шалёных пацалункаў.

— Гэй, хлапяты! завабце мне толькі яго да лесу, завабце мне толькі яго! — крычаў Тарас. І выклікалася ў той-жа час трыццаць найбыстрэйшых казакоў завабіць яго. І, паправіўшы на сабе высокія шапкі, тут-жа пусьціліся на канёх, проста наперарэз гусарам. Ударылі збоку на пярэдніх, зьбілі іх, адлучылі ад задніх, далі па гасьцінцу таму й гэтаму, а Гопакапыценка зьмераў плоскім бокам па хрыбце Андрыю, і ў той-жа час пусьціліся ўцякаць ад іх, колькі хапіла казацкае моцы. Як закіпеў Андрый! Як забунтавала па ўсіх жылах маладая кроў! Даўшы вострымі шпорамі па кані, на ўвесь дух паляцеў ён за казакамі, ня гледзячы назад, ня бачачы, што ззаду ўсяго толькі дваццаць чалавек пасьпявалі за ім, а казакі ляцелі з усяе сілы на канёх і проста пакіравалі да лесу. Разагнаўся на кані Андрый і ледзь быў ужо не наганіў Голакапыценка, як раптам нечая дужая рука схапіла за повад яго каня. Азірнуўся Андрый: перад ім Тарас! Затросься ён усім целам і раптам зьбялеў: гэтак шкаляр, неасьцярожна