Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці не ўтамілася казацкая сіла? Ці не пагнуліся казакі?

— Хопіць яшчэ пораху; добрыя яшчэ шаблі; не ўтамілася казацкая сіла; ня гнуліся яшчэ казакі!

І рвануліся ізноў казакі так, як-бы і стратаў ніякіх ня мелі. Ужо тры толькі атаманы засталіся жывымі; чырванелі ўжо ўсюды чырвоныя рэкі; высока гаціліся масты з казацкіх і варожых целаў. Паглядзеў Тарас на неба, а ўжо па небе пацягнулася вераніца крэчатаў. Ну, будзе камусьці пажыва! А ўжо там паднялі на дзіду Мяцеліцу; ужо галава другога Пісарэнкі, закруціўшыся, залыпала вачыма; ужо падламаўся і грукнуў на зямлю на чацьвёра пасечаны Ахрым Гуска. — Ну, — сказаў Тарас і махнуў хустачкаю. Зразумеў гэты знак Астап і ўдарыў моцна, вырваўшыся з засады, у коньніцу. Ня вытрымалі моцнага напору ляхі, а ён пёр і напёр проста на месца, дзе былі паўбіваныя ў зямлю калы і канчары дзідаў. Пачалі капыціцца і падаць коні і ляцець праз іхнія галовы ляхі. А ў гэты час корсунцы, стаяўшыя апошнімі за вазамі, убачыўшы, што ўжо дастане куля з стрэльбы, бахнулі раптам з самапалаў. Усе зьбіліся і зьбянтэжыліся ляхі, і падбадзёрыліся казакі. — Вось і наша перамога! — пачуліся з усіх бакоў запарожаскія галасы, затрубілі ў трубы і выкінулі пераможную харугву. Усюды ўцякалі і хаваліся разьбітыя ляхі. — Ну, не, яшчэ не зусім перамога! — сказаў Тарас, гледзячы на меставую браму, і сказаў ён праўду.

Адчынілася брама, і вылецеў адтуль гусарскі полк, краса ўсіх конных палкоў. Пад усімі коньнікамі былі ўсе, як адзін, бурыя аргамакі, наперадзе іншых паляцеў рыцар за ўсіх байчэйшы, за ўсіх харашэйшы; так і ляцелі чорныя яго валасы з-пад мядзянае яго шапкі, віўся завязаны на руцэ дарагі шаль, шыты рукамі першае красуні. Так і атарапеў Тарас, калі ўбачыў, што гэта быў Андрый. А ён тым часам,