Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі і пасьпеў абвясьціць ён, што здарылася гэткае ліха; але чаму яно здарылася, ці курнулі тыя, што засталіся, запарожцы, паводле казацкага звычаю, і п’янымі аддаліся ў палон, і як даведаліся татары аб месцы, дзе быў закопаны вайсковы скарб, — гэтага нічога не сказаў ён. Моцна змарыўся казак, распух увесь, твар папаліла і асмаліла яму ветрам; упаў ён тут-жа і заснуў моцным сном.

У падобных выпадках вадзілася ў запарожцаў ляцець у тую-ж мінуту за зладзеямі, стараючыся нагнаць іх на дарозе, таму што палонныя якраз маглі апынуцца на рынках Малое Азіі, у Сьмірне, на Крыцкім востраве, і Бог ведае, у якіх месцах не паказаліся-б чубатыя запарожаскія галовы. Вось чаму сабраліся запарожцы. Усе да аднаго стаялі яны ў шапках, таму што прыйшлі ня з тым, каб слухаць па начальству атаманскі загад, а радзіцца, як роўныя паміж сабою. — „Давай раду раней старшыя!“ — закрычалі ў натаўпе. — „Давай раду кашавы!“ — казалі іншыя.

І кашавы зьняў шапку, ужо ня так, як начальнік, а як таварыш, дзякаваў усім казаком за гонар і сказаў: — Шмат паміж намі ёсьць старшых і радаю разумнейшых, але калі мяне ўшанавалі, дык мая рада: не марнаваць, таварышы, часу і ляцець за татарынам; бо вы самі ведаеце, што за чалавек татарын: ён ня будзе з награбленым дабром чакаць нашага прыходу, а мігам размытарыць яго, так што і сьлядоў не знайдзеш. Дык мая рада: ісьці. Мы тут ужо пагулялі. Ляхі ведаюць, што такое казакі; за веру, колькі было на сілах, ад’імсьцілі; а карысьці з галоднага места няшмат. І вось мая рада — ісьці.

— Ісьці! — разьляглося голасна ў запарожаскіх курэнях. Але Тарасу Бульбе ня прыйшліся да душы гэткія словы, і насунуў ён яшчэ ніжэй на вочы свае панурыя, чорна-белыя бровы, падобныя