Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта значыла-б, што Андрыя ня было паміж варожых вояў. Ці пасароміўся Юда выйсьці проці сваіх, ці мо’ ашукаў жыд і папаўся ён, проста, у няволю. Але тут-жа ўспомніў ён, што ня ў меру было наклончывым Андрэева сэрца на жаноцкія словы, пачуў гора і прысягнуў моцна ў душы проці палячкі, прычараваўшай яго сына. І выпаўніў-бы ён сваю прысягу: не паглядзеў-бы на яе хараство, выцягнуў-бы яе за густую, пышную касу, павалок-бы яе за сабою па ўсім полі паміж усіх казакоў. Пабіліся-б аб зямлю, скрывавіўшыся і пакрыўшыся пылам, яе цудоўныя грудзі і плечы, бліскучасьцяй роўныя няталым сьнягом, што пакрываюць горныя вярхі. Разьнёс-бы кавалкамі ён яе пышнае, прыгожае цела. Але ня ведаў Бульба таго, што рыхтуе Бог чалавеку заўтра, і пачаў ахапляцца сном і нарэшце заснуў. А казакі ўсё яшчэ гаварылі паміж сабою, і ўсю ноч стаяла каля агнёў, прыглядаючыся ўважна ўва ўсе канцы, цьвярозая, ня стуляўшая вачэй варта.


VIII

Яшчэ сонца не дайшло да палавіны неба, як ужо ўсе запарожцы сабраліся ў кругі. З Сечы прыйшла вестка, што татары, падчас адсутнасьці казакоў, абабралі ў ёй усё, выкапалі скарб, які ў сакрэце трымалі казакі пад зямлёю, пазабівалі і забралі ў палон усіх, якія заставаліся, і з усімі забранымі стадамі і табунамі скіраваліся проста да Перакопу. Адзін толькі казак, Максім Галадуха, вырваўся дарогаю з татарскіх рук, закалоў мірзу, адвязаў у яго мяшок з цэхінамі і на татарскім кані, у татарскай вопратцы, паўтара дня і дзьве ночы ўцякаў ад пагоні, загнаў насьмерць каня, перасеў дарогаю на іншага, загнаў і таго, і ўжо на трэцім прыехаў у запарожаскі табар, разьведаўшы па дарозе, што запарожцы былі пад Дубнам.