мець не маглі. Роля Танзіліі была, аднак, вельмі цяжкая: трэба было, паводле каманды Мунькі, прывабліваць гасьцей сваім хараством, але не перахапляць меры. Недаскок ці пераскок у сваёй цяжкай ролі пагражалі Танзіліі быць адлупцаванай вяроўкай з рук мужа.
Так цягнецца ўжо даўно.
Кожны раз, як толькі заўважваецца, паводле погляду мужа, нейкая няўдача ў выконваньні памянёнай ролі, пад вечар, калі госьці разыходзяцца, калі не заседжваюцца позна, — паўтараецца гісторыя з вяроўкай, вось такая сцэна, як сягоньня: Мунька бярэцца за вяроўку, а Танзілія ўцякае ад яго ў сельсавет. Ад пабояў яна заўсёды вывёртвалася, да сельсавету ніколі не дабіралася, па дарозе адумвалася:
Не выпадае набожнай магамэтанцы скардзіцца на мужа. Апроч таго сельсавет у гэтым глухім месцы быў кулацкі. Усе былі ў сяброўстве з Мунькай, бо ўсіх гарэлкай паіў — і яе скаргі на мужа ні да чога не давялі-б.
Тое самае было і сягоньня. З поўдарогі яна з пакорлівым відам павярнула назад да хутара.
У небе рэіліся, мігацелі зоркі. Здавалася, яны гоняцца адна за адной, ссыпаюцца ў адну кучу, зноў рассыпаюцца, як залаты гарох, дрыжаць, пераліваюцца, расьсейваючы вакол тоненькія, як павуціну, пляцёнкі праменьняў — сіня-яскравых, зялёна-ружовых і іншых неўлавімых колераў.