Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хутарок топіцца ў сінім змроку на паляне, расплываецца па бакох, таець, як цукер, абліты вадой, і зыбіцца ў ценях, як з лёгкага палатна сшыты.

Танзілія барабаніць пальцамі ў маленькую шыбу.

— Адчыні, Мунька…

Яна стаіць ля вакна, пакуль не пачуе крокаў мужа босымі нагамі па скрыпучай падлозе. Ён крэхча здаволена і адчыняе дзьверы.

Прымірэньне адбываецца моўчкі, бяз слоў. Хоць яны вельмі далёкі думкамі адзін ад аднаго, але ім здаецца, што яны блізкі.


Танзілія, апрача сваёй цяжкай ролі ў хаце, апрача свайго дзівацкага абавязку — залабуньваць гасьцей сваім хараством, носіць у сэрцы сваім, як яна сама ў гэтым упэўнена, вялікі затаёны грэх: зайздрасьць. І чым большы, паводле закону Магамэта, гэты грэх, тым смачней, тым болей песьціць яна захаванае пачуцьцё.

Яна зайздросьціць людзям, жывёлам, дрэвам, траўкам — усяму сьвету.

У чым вызначаецца гэта зайздрасьць?

У Танзіліі няма дзяцей. Ужо пяць год жыве з Мунькай, а ўсё застаецца бязьдзетнай. Была яна ў розных знахароў, шаптух — нічога не памагае, ніякія зёлкі, ніякія нашоптаныя воды.

— Вінават твой муж, — кажуць знаёмыя сялянкі, — вінават ён, безбароды і бязвусы галыш Мунька. Гэта ён бясплодны, як тая пустая салома.