Музыка, сын сінягрывага Нёмну, пазіраў на багатабарўныя далячыні, не адымаючы пальцаў ад струн Скрыпкі-вяшчуньні. Струны былі тонкія, як павуціна; чулыя, бы крыльлі пчолак; кволыя, як валасы малалеткі.
Струны, дрыжучы матылькамі над жывым сэрцам Скрыпкі-вяшчуньні, то зьвінелі звонам кос на лузе, то стагналі, нібы галінкі пад ветрам, то шапацелі, бы каласы на жытнім полі, то пераліваліся срэбрам і журчэлі крынічнай падузгорачнай, то мільгаліся ціхімі тонамі, бы цені ластавак на адшліфаваным возеры, а то грымелі з пагрозай буры, з бунтарскім гневам у тысячу галасоў.
Струны, нібы люстэрка, адбівалі ў сабе думы-мары Музыкі. Яго думы-мары былі то пяшчотна-чулыя, бы ўсход маладзіка ў сіняве летняй поўначы, то таямнічыя, як пушча пад сталетняй дрымою, то глыбока-плынныя, бы Нёман у час вясновай паводкі, а то бурна-імпэтныя, як паўстаньне — мяцеж мазалістага люду.
Казачнай сілай струны ператваралі гукі ў колеры, злотасрэбныя зыкі — у яркія вобразы роднага краю. Гукі малявалі жывых істот: ад маленькай былінкі да высачэзнага дуба, ад кволага матылька да гутарлівых дзядзькоў прыгожага лясіста-вазёрнага Палесься.
Струны песьняславілі ўсё адвечнае хараство Зямлі Беларускай. Людзі ня толькі слухам слухалі, але і вачыма бачылі тыя вобразы-малюнкі, якія струны