Утта апавядала яму пра сваё матчына гора.
Барас, выслухаўшы яе, хітра усьміхнуўся, казаў, што чуў пра яе сына, які ўступіў у бязбожніцкую веру, за што заслужыў кару, але ён, Барас, — чалавек добры і не жадае зла Арнауту.
Ён параіў аднесьці кнігі назад хвораму, бо ўгледзеўшы, што няма кніг, сын занепакоіцца ды яшчэ горш занядужае.
— Самае лепшае лякарства, — казаў Барас, — пакінуць хворага ў ранейшай яго абстаноўцы і пры ранейшых прывычках. Тады хутчэй выздаравее. Вось, напрыклад, я — ужо другі год сэрца ў мяне хворае. Забаранілі езьдзіць конна. Сяджу дома, дык кепска мне. Адзіны мой паратунак-конная язда. Цяпер я забываюся аб сваёй хваробе.
Пры апошніх словах Барас сьцебануў каня і паехаў у горы, пакінуўшы старую на месцы.
Утта ўспомніла, што хворы застаўся адзін, і хуткімі крокамі павярнула назад да саклі.
Многа дзён кідаўся Арнаут у гарачцы. Высах, пажаўцеў, як мярцьвяк. Вочы ўваліліся глыбока, клінам завастрыўся нос, пачарнелі губы, а рукі і ногі так схудалі, што выглядалі, як сухія тонкія галіны кізіла.
Ён так аслабеў, што ня мог павярнуць нават пальцам. Здаецца, і болю ўжо не адчуваў. Ня міргне вокам, не кранецца нават і тады, калі кусьлівая муха сядзе на нос, або ўвап‘ецца ў губу.