ніца, у бок сына і портрэту Леніна, вынесла кніжкі з саклі.
Старая Утта трымала кніжкі ў правай руцэ, выцягнуўшы іх перад сабою, як бляху з гарачым вугольлем.
Яна іх баялася — баялася сілы „бязбожніцкай веры“, якая ў іх захована.
Яна ішла наперад па горнай сьцежцы, думаючы кінуць грэшныя кніжкі ў рэчку. Аглядалася па бакох, каб людзі не заўважылі. Лішніх сьведкаў старая мець не хацела.
Пачуўшы званкі каравану з табачнымі таварамі, як яна ведала (заўсёды ён тут праходзіў), старая спынілася, схавалася за густымі кустамі і пайшла іншай дарогай. Але ёй не шанцавала — насустрач ехаў конна сусед Барас.
Раптоўны, неспадзяваны тупат капытаў аглушыў яе, нібы гром.
Стары тоўсты Барас сядзеў моцна і стройна на кані. Яго голены круглы твар, які меў выгляд рымскага імпэратара на старасьвецкай мэдалі, дрыжэў, як квашаніна.
Барас спыніў каня.
Утта нізка пакланілася свайму багатаму суседу, міжвольна выставіўшы пры гэтым кніжкі наперад, як-бы на паказ.
— Што гэта ў цябе за кніжкі, старая? — запытаўся Барас.