У ГАРАХ
Малады Арнаут ляжыць на разасланай бурцы на глінянай падлозе ў душнай саклі.
Ужо некалькі тыдняў, як ён хворы.
Яго старая маці, Утта, думае, што „горныя духі“ зьдзекуюцца над ім, мсьцяць за тое, што Арнаут пакінуў веру дзядоў і ўступіў у нейкую „новую веру бязбожнікаў“, якую прынесьлі бальшавікі з абшырных бязбрэжніц донскага стэпу. Аб гэтым дзіўным стэпу ёй гаварыла адна донская казачка, якая прыехала сюды сартаваць тытунь на табачнай плянтацыі багатага суседа Бараса.
Старая Утта бачыць, як сын кідаецца ў гарачцы, чуе, як шапоча незразумелыя словы. Арнаут сьпіць. Грудзі яго праз меру моцна падымаюцца і апускаюцца. Ён цяжка дыхае. Спаміж счарнеўшых губ блішчыць рад белых, як часнок, зубоў. Павекі трохі прыпадняты і праз шчылінкі між імі мігацяцца палоскі чорных павялічаных зрэнкаў…
Ад гэтага старой жудасна…
Пад падушкай ляжаць кнігі „бязбожніцкай веры“. Сын іх сам палажыў туды — надта іх любіць.