Яго ў другі раз аблілі вадою. Як ачнуўся, стаяла глухая поўнач. Праз жалезныя краты лез у цемру смуроднага пакою ціхі бледна-жоўты месяц.
На сьцяне люстрыўся адбітак жалезных крат — цёмныя клетачкі на дрыжучым белым абрусе месячнага зьзяньня.
Дзесьці забрахалі сабакі: адзін голас грубы з лёгкімі дрыготамі медзі, другі — тоненькі, з хрыпоткай. Стары Барташук пазнаў брэх свайго Лыскі.
Задрыжэла сэрца селяніна. Гарачы ком падступіў к горлу, шчэміць, душыць…
— Што цяпер у хаце робіцца? Дзе сын? Ці пусьцілі каня на начлег? І так мала сена будзе на зіму для скаціны…
Непакоіцца. У гаспадарчых клопатах забыўся, што ня можа варухнуцца з месца, што ўсе рэбры паломаны, што ўвесь ён у крыві… Усё заслонена перад ім — Лыска кажа яму пра хату…
Стары лавіў кожны шолах вакол. За сьцяною на гародзе шастала старая бяроза (удзень яе заўважыў), нібы зладзейка кралася да яго. За дзьвярыма чуваць былі ціхія галасы са сьмешкамі, гульлівыя галасы жандараў.
Раптам…
Нехта ў пацёмках уткнуў доўгае, вострае шыла у самае, самае сэрца Барташуку. Вушы навастрыліся. Па ўсім пакалечаным, скатаваным целе праскочылі палючыя аганькі.