Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Барташук стаяў голы, у сіняках на ўсім худым целе, дрыжаў і шаптаў:

— Браточкі… браточкі…

— Лажыся! — закамандаваў старшы жандар, — тут твая сьмерць будзе, калі ня хочаш казаць, дзе твой сын!

Барташук пакорліва лёг.

Яму на плечы палажылі дошку. Ён выпрастаўся, каб дошка лепш ляжала. Пачалі біць гірамі па дошцы. Нібы рамантавалі падлогу. Барабанілі ў такт:

— Раз! два! тры!

Глухі стук раздаваўся ў пакоі. Пад дошкаю корчылася акрываўленае, распластанае цела. Пакрываўленыя, напухшыя ад уколаў сталёвых шпілек мужыцкія пальцы хутка скакалі па бруднай падлозе, нібы перабіралі нявідочныя клавішы музычнага інструманту.

Спачатку Барташуку здавалася, што бачыць сваю хату. Вось яе вецер-віхор разбурыў, панёс бурую саломку на поле, разваліліся сьцены, і яго старая жонка сядзіць на печы, глядзіць на яго і рукі ламае. А вось конік ліжа яго за руку гарачым і мокрым языком, ліжа і паглядае разумнымі вачыма ў самыя вочы старому.

Пасьля Барташуку здавалася, што яго кінулі ў цёмную глыбокую процьму. Ён ляціць уніз, ляціць і ляціць мо‘ год, мо‘ сто гадоў. Ад гэтага шпаркага лёту дух захоплівае. Замест сэрца нейкае пустое месца, так прыкра… Хацеў-бы скарэй грукнуцца аб дно, каб косьці ў пыл рассыпаліся, каб болей нічога не адчуваць…