Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лягчэй, сьмяртэльная роспач як-бы супакойвалася. Супакойваючыся, ён пачаў адчуваць боль ва ўсім целе ад катаваньня. Нібы цяпер заўважыў самога сябе. Як білі гаварылі, што гэта толькі „цьвяткі“, а „ягадкі“ яшчэ будуць. Гэтыя „цьвяткі“ давалі сябе адчуваць, ныла ўсё цела.

— Людзі, ратуйце! — крычаў стары.

Нехта за дзьвярмі скрыпнуў ключом. Дзьверы ірвануліся, і стары Барташук упаў галавой якраз на грудзі бліскучага выфранчанага жандара. Жандар адскочыў назад зьбянтэжаны ад неспадзеўкі — і Барташук, як труп, ударыўся тварам аб яго выглянцаваныя боты.

Падскочылі яшчэ двое. Барташука за ногі завалаклі назад у пакой. І пасьля ранейшых „цьвяткоў“ пачаліся „ягадкі“.

— Powiedź, dzie jest twój syn? — запытаўся адзін з іх лагодным, надзіва ціхім голасам.

Барташук маўчаў і глядзеў на іх так незацікаўлена, нібы яны былі празрыстыя, нібы ён бачыў праз іх нейкую даль.

— Адумайся, псякосьць, а то жывым ад гэтуль ня выйдзеш! — казаў жандар болей строгім голасам.

Барташук стаяў, як глуханямы.

— Мы яго пацягнем за язык, — казаў другі жандар сіпучым зьмяіным голасам. З-пад абшлагаў сваёй курткі выняў пару бліскучых шпілек… Як спакойны хірург, падышоў да Барташука, каб „пацягнуць за язык“.