нязручна: бяз вольнага размахваньня рукамі здавалася, што нясеш на нагах нечае чужое цела. Ногі без разбору ступалі ў пяску або часам — па вострых каменьчыках. Усё вакол парабілася чужым, далёкім.
І ў старога Барташука і ў яго дачкі думкі былі накіраваны ў адзін бок, каб хаця малады і гарачы Язэп ня выскачыў цяпер з лесу іх бараніць. Тады яго жандары на месцы прыстрэляць. Яны самі ўжо як-кольвечы перацерпяць…
Жандары час-ад-часу штурхалі іх прыкладамі, білі жылістымі кулакамі па твары, ад чаго ў старога Барташука твар набух, як гнілы грыб, пасінеў, заплылі вочы.
— Powiedź, dzie jest twój syn?
Стары Барташук пляваў крывёю, глытаў салёную жыжу, і незнаёмы цяжкі пах казытаў напухшыя ноздры. На ўсе дзікія катаваньні ў пастарунку ён маўчаў, сьцяўшы зубы.
Яго дачку павялі ў другі пакой, дзе рагаталі п‘яныя поліцыянты. Іхні рогат то разьліваўся мэталёвымі трэлямі, то сыпаўся дробным шротам, то грыматаў разьюшаным конскім іржаньнем.
Барташук паў духам. Ён непакоіўся за дачку.
У гэты час ён меў адпачынак ад катаваньня. Ён падышоў да дзьвярэй і пачаў стукаць у іх пакалечанымі рукамі, крычаць нямым голасам:
— Людзі, ратуйце!
Крык з грудзей старога вырываўся чужы, незнаёмы. Ад свайго ўласнага крыку старому рабілася