ўжо не аднаго бязьвіннага селяніна адправіў на той сьвет, які зьдзекаваўся над старым і малым бяз дай прычыны, а проста меў ад гэтага вялікую прыемнасьць. Біў так сабе, абы біць: „а ну-ж, што скажа?“
— Powiedź, dzie jest twój syn?
За апошнія два дні стары Барташук чуў гэтае запытаньне шмат разоў — мо‘ сто, мо‘ дзьвесьці, можа яшчэ болей. Як увалілася трое п‘яных жандараў у яго хату, як пачалі бізунамі катаваць яго, старую жонку, маладую дачку, дык у вялізнай лужыне брудных польскіх лаянак хрыпелі, сьлюнявілі гэтыя словы. Тры разгарачаныя рылы польскіх жандараў, — кожны пасвойму біў: ці шомпалам, ці ботамі, ці бізуном, кожны на сваю манеру выплёўваў, выхарківаў гэтыя словы. Жылы на ілбу вяроўкамі пляліся, вочы п‘яныя сыпалі іскры, дрыжэлі падбародкі ад дзікіх крыкаў:
— Powiedź, dzie jest twój syn?
Пад плач і лямант хатніх, зьвязалі вяроўкамі старога Барташука і яго дачку. Так моцна зьвязалі, ажно косьці рыпелі і хрусьцелі. Павялі іх у паліцэйскі пастарунак.
Надзвычайна лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Над пясчанай дарогай віселі пляцёнкамі жаўранкі. На полі дзе-нідзе мітусіліся людзі.
Сьлёзы ў вачох Барташука і яго дачкі высахлі, застыглі ў сухім бляску. Рукі былі закручаны за плячыма і перавязаны адной вяроўкай. Ісьці было