дзячы, падлажыў кажух пад галаву і прылёг. А поўначы заснуў. Спаў моцна.
Прачнуўся Мунька ўжо пад дзень. Газьніца пагасла. Сіні водблеск раніцы ўліваўся ў хату дрыжачымі хвалямі. Учарашняе здавалася яму нейкім жудасным сном, а ня праўдай. Хацеў падняцца, але рукі і ногі як-бы акамянелі. Як пачаў варухацца, падышла да яго на цыпачках жонка, шэпчучы:
— Ціха ты, дзіцё разбудзіш…
— „Як? Яна разьвязалася?!“ — зьдзівіўся Мунька. Тут толькі ён агледзеўся, што ляжыць моцна зьвязаны вяроўкай па руках і нагах.
— Танзілія, разьвяжы! — крыкнуў ён не сваім голасам.
— Ой, ты, разбойнік, ня крычы… у распачы малілася Танзілія.
Мунька пачаў тузгацца на лаве з усіх сіл.
— Ня будзі сынка! — прасіла літасьці Танзілія. — А то пайду з ім да Васіля, да бацькі яго.
— Да Васіля!! — прахрыпеў, як зарэзаны, Мунька — да Васіля…
— Маўчы, маўчы, бо зараз малы плакаць пачне… — лемантавала грудным шэптам Танзілія.
Мунька змоўк. Ён раптам уцяміў сваё становішча. Мабыць, слаба зьвязаў яе. Яна разьвязалася і яго абкруціла гэтай самай вяроўкай. Ён сашчаміў зубы, каб ня ляскаць імі ад жудаснага страху. Кінуў вачыма па бакох. Нож ляжыць на стале… Што зна-