Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шкляныя кіёчкі. Тонкай плеўкай з срыбных валокнаў зацягнуліся лужыны на дарозе. Марозік атуліў іх дрымою. З усіх шчылін лесу — з яго адвечных патаемнікаў, з-пад заслонаў цемравых ценяў краўся да хаты ні то страх, ні то злачын, лез, як злодзей, і шчырыў свае вострыя клыкі. Выстаўляў тысячы ільдзяных лап.

„Каб ужо хутчэй“…


Мунька вярнуўся толькі вечарам.

Досыць было ім сустрэцца вачыма, каб ведаць зараз-жа думкі адзін аднаго, каб выявіць, што кожны хоча зрабіць. Словы былі непатрэбны.

Захапіла барацьба: хто каму падасца?

Так яно і сталася.

Мунька пачаў бяз слоў шукаць сякеру. Яна падскочыла да ложка, каб быць бліжэй да дзіцяці.

Як яны ўрэпіліся адзін у ваднаго, як спляліся разам — ніхто з іх ня ведаў.

Іх, сашчаміла сіла нянавісьці. Яны рычэлі, як зьвяры, кусаліся-грызьліся. Ніводны не падаваўся. Абодва акрываўленыя ачнуліся толькі тады, калі пад імі нешта запішчэла і змоўкла…

— Дзіцё, дзіцё! — дзікім голасам крыкнула Танзілія.

Дзіцё скацілася з ложка на падлогу пасінеўшае, задушанае. У часе барацьбы наваліліся на ложка — на дзіцё.