Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

халодны агонь. Часта яна падыходзіла да дзіцяці, якое капашылася, затуленае ў падушцы, пасьля аглядала хату, нібы бачыць яе ўпяршыню, і прынялася парадкаваць. Сякеру яна вынесла ў сенцы, схавала пад кублам. Потым села на ложку і пачала прыслухоўвацца мо‘ пачуе тупат ног свайго мужа.

Слых быў праз меру навостраны. Здаецца, ня толькі крокі чалавека, але і шастаньне-перазвоны галін ў лесе даходзяць да яе вушэй.

Яна чакала прыходу мужа, і абразы адзін аднаго страшней маляваліся перад яе вачыма. Яна жыва прадстаўляла кожны рух Мунькі, блеск яго вачэй; як кінецца шукаць сякеру, каб забіць дзіцё і яе…

„Каб ужо толькі хутчэй прышоў“.

„Яшчэ пабачым — хто каго“.

Часта выходзіла на дзядзінец. Ад чаканьня дрыж прабягала па схудалых сківіцах. Ад прыслухоўваньня зьвінела ў вушох. Сьвежы пах лесу шчыкатаў ноздры.

Думала праз бабку дзіцё на вёску адаслаць. Але не — будзе вялікі сорам.

На дварэ было спакойна, як-бы нічога не зьмянілася. Ішла гадзіна за гадзінай. Плыла марудна, як трэска ў стаячай вадзе. Кожная гадзіна здавалася Танзіліі годам. Бабку яна адаслала да заўтра ў вёску, бо не хацела сьведак.

„Каб ужо хутчэй“.

Цені даўжэлі, выцягваліся на дарозе. Сонца совалася на лес. Пачаў крапчэць марозік. Ільдзяныя сасулькі павісьлі, сьлізгаліся ўніз з страхі, нібы