Бабка палажыла дзіцё да маткі і са спрытам, не паводле яе ўзросту, падскочыла да вакна паглядзець куды пайшоў гаспадар.
Ён ішоў дарогай у бок лесу.
Танзілія нахілілася над дзіцём і пачала ў яго ўзірацца. Тут толькі яна здагадалася, чаму Мунька так выскачыў з хаты. Яна раней зусім не падумала аб тым, што дзіцё можа быць падобным да бацькі і гэта можа выдаць мужу затаёны сакрэт. Холад пранізаў яе косьці. Але страху яна як-бы і ня мела. Толькі ў грудзёх пуста зрабілася. Дух захоплівала.
Танзізія прытуліла дзіцё да сваіх грудзей, адчувала ўсімі нэрвамі яго цёплае маленькае цела, і ў яе пачалі расьці сілы… Во, мацнее з кожнай хвілінай. Яна ўпэўнілася, што па-за межамі ўчыненага ёю грэху знаходзіцца і яе правата.
Яна іначай зрабіць не магла.
Гэта правата была няяснай перад ёю самой. Танзілія словамі не магла-б сказаць аб гэтым, але адчувала ўсёй істотай, што ёй няма чаго сароміцца і баяцца. Яна адбароніць ад Мунькі і сябе і дзіцё.
Ваўчыха таксама сьмела бароніць сваіх дзяцей ад ворагаў.
І гэта закон Алаха.
Пад словам „Алах“ Танзілія разумела магутныя законы Прыроды, у якой яна радзілася, выгадавалася і жыла.
Як бабка не ўгаварвала яе, але Танзілія паднялася з ложка, апранулася, умылася. У яе вачох гарэў