агні дрот пранізаў раптам яго сэрца. Ён пазіраў праз вакно на сварлівых вераб‘ёў, якія падымалі садом у талым пажоўклым сьнезе, глядзеў — і ня бачыў іх. Думкі гарачымі вугольлямі перасыпаліся ў яго мазгох.
Ён пачаў у памяці перабіраць усіх сваякоў з сваёй радні, з радні жонкі. Здаецца, ніводнага няма з сьветлымі вачыма і русымі валасамі…
Няўжо-ж Танзілія… Пяць год дзяцей ня было, а раптам…
Думкі пырскалі, як іскры, разрывалі лоб.
Мунька сьціснуў зубы так моцна, ажно яны заскрыпелі:
— Во, сьцерва… Ня можа быць. Хіба памыляюся. Можа пасьля ў дзіцяці пацямнеюць і валасы і вочы.
Ён успомніў, што жонка ўвесь час была такой ласкавай да яго, прыпомніў тую ноч улетку, калі…
Але чаму пяць год дзяцей ня было? Чаму на шосты? Ці я цяпер іншым стаў? Алах раптам зьлітаваўся?
Мунька выскачыў на двор, бо ў хаце яму душна зрабілася. Ён баяўся за сябе, каб, чаго добрага, з гарачкі жонку не забіў.
Трэба раней даведацца…
Ён не заўважыў, што ўвес час дзьве пары вачэй пільна сачылі за ім: жонкі і бабкі. Першая глядзела з вялікай апаскай, бо сэрцам адчувала падазронасьць мужа, а бабка дагадвалася. Хітры аганёк мігацеў у яе старчых вачох.