Беларуская зямля зьняла з татарак чадру. Малітвы, пераложаныя ўжо даўно з арабскай на беларускую мову, як-бы зьмякчалі строгасьць кары, але ўяўленьне грэху, высасанае Танзіліяй малаком маткі, было ёй страшна.
У такія хвіліны яна баялася глядзець мужу ў вочы. Ёй здавалася, што па вачох даведаецца. Яна старалася думаць толькі аб сваім будучым хлопчыку (яна была пэўна, што будзе хлопчык) і выкідала з галавы агідную здань грэху. Таксама супакойвала сябе тым, што Мунька, калі і даведаецца, дык пабаіцца яе чапаць — сельсавет не дапусьціць. Калі сельсавет рады ня дасьць, яна знойдзе дарогу ў горад.
Радзіла яна пад вясну.
Хлопчык.
Яна вельмі аслабела ад цяжкіх радоў, якія цягнуліся цэлыя суткі.
Бабка-павітуха паднесла хлопчыка „бацьку“.
Мунька ў вялікай радасьці кінуўся да дзіцяці. Доўга ўзіраўся. Цень нездаволенасьці прабег па яго твары. Пасьля з-пад яго насупленых броваў сыпнуліся, зайгралі дзьве чорныя маланкі ў бок парадзіхі. Яна ляжала спацеўшая, змучаная, з упаўшімі зачыненымі вачыма. Урэшце Мунька з пагрозай зморшчыў лоб. Адрывіста адскочыў да вакна.
Гнеў мужа на зямлі, як гнеў Алаха ў нябёсах.
У Мунькі зьявілася падазронасьць: у дзіцяці белыя валасы і сьветлыя вочы. Востры, накалены на