буля з выглядам вядзьмаркі, якую малявалі ў ранейшыя часы ў дзіцячых казках.
Мунька звольніў жонку ад многіх гаспадарчых абавязкаў. Яна толькі ведала печ. Цікава, што Танзілія бадай ніколі не ўспамінала аб „ім“ — сваім выбраньніку, які зьяўляўся прыемным вінавайцам усіх яе новых клопатаў і трывог.
Гэта быў сінявокі вясковы дзяцюк Васіль.
У лесе…
На пярыне пуховага моху… Папаратнік лез у вочы — шчыкатаў шыю…
У гарачы летні дзень, калі муж паехаў у млын.
Васіль быў ёй цяпер непатрэбен. Чужы. Ён мільгнуў перад яе вачыма адзін толькі раз, апёк яе сонцам і зьнік.
З мунькай жарты малыя.
Мэты сваёй Танзілія дасягнула — дзіцё будзе.
А „яго“ выкінула з сваёй памяці. Думаць аб „ім“ было жудасна.
Бо тады ўспаміналіся ёй „яго“ блакітныя вочы. Яны бяз гукаў кідалі ёй у твар зычны малады сьмех. Ёй жудасна было глядзець у „яго“ вочы. Яна ў іх тапілася, як у блакітным багне.
Бо тады перад яе вачыма квітнеў, вырастаў „грэх“, які вякамі гадаваўся ў веры яе прадзедаў дзікай яблыняй на пажоўклай пустэчы старасьвецкага карану. Духоўнік-мулла часта паліваў гэту дзічку дажджом Магамэтавых казаньняў. Строгі законы Алаха: моцны, бы сьмерць, бы каханьне. Грэх караецца сьмерцю.