Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разгарачаныя коні, плылі ў зажмураныя далі, каб не вяртацца ніколі адтуль.

З кожным месяцам сонца апускалася ніжэй з сярэдзіны неба, рабіла меншы круг над прасторай. Адзьвінелі сярпы на полі. Азімая рунь выглядала адцьвіўшым аксамітам, бяз сьвежасьці і паху. Над лесам вандравалі вятры, бурымі хвастамі сьцёбалі па галінах, гналі-гойдалі вялізныя хмары — шэрыя, мутныя, бяльмістыя. Восень плакала, скавытала ў лесе — няпрытульным, парадзеўшым.

Не заўважыла Танзілія, як наступіла зіма-белавокая, грозная, якая ляскала зубамі марозу, грызла абледзянелыя пні, тулілася да сьнегу, качалася па ім няпрытомная. Мяцеліцы ёй косы сівыя распляталі і запляталі.

А месяц глядзеў у хату праз вакно, абкружаным пажоўклым калясом. У цёмным бяздоньні высі зоркі здаваліся буйнымі, агністымі бульбінамі, пераліваліся сінімі праменьнямі і кідалі-сявалі на скрыпучы прытульны сьнег залатых і сініх сьветлячкоў. Выцьцё ваўкоў плыло ў абветраныя далі капэляй голаду, ахоплівала жудою хутар, які загубіўся ў лесе, як сьляпы вандроўнік у вялізнай белай кучме на дарозе.

Танзілія была занята сабою. Пабрыдчэла. Вочы страцілі блеск. Твар пакрыўся жоўтымі плямамі. Губы паблеклі, пабляднелі, сьцёрся малінавы колер.

Да яе прыходзілі часта бабы з блізкай вёскі. Шапталіся, радзілі, як і што. Часта прыходзіла вядомая ў ваколіцы бабка-павітуха Тэкля, — старая ба-