З кожным пасачкам на сьцяне Танзілія адчувала, што ўнутры ў яе ўсё болей варухаецца, трапечыцца і таўчэцца жывая істота. Яе рухі парабіліся з кожным месяцам болей асьцярожнымі, болей паважнымі, як-бы яна насіла паўнюткі келіх шчасьця, які баялася праліваць.
Танзілія часта глядзела на сваю карову. Тая ўсё болей круглела. Тады кабета распорвала некалькі фальбонак сваёй спадніцы.
А суседкі з кожным месяцам на яе больш жартаўліва пазіралі, болей шчыра шапталіся і мацней галовамі ківалі. Кплівасьць да яе прапала ў іх. Давалі ёй розныя бабскія парады. Танзілія стала ім шмат бліжэйшай…
Бадай кожную ноч Танзілія сьніла, што трымае на руках дзіцё-хлопчыка. Ён на яе вачох расьце-расьце, нібы ў казцы, вырастае аж да самага неба.
Вялікі, вялікі…
Аднак, яна трымае яго ў руках і ня дзівіцца, што ён такі лёгкі, не паводле росту.
Удзень, у вольны час Танзілія рыхтавала пялёнкі, чэпчыкі, кашулькі. А яе муж Мунька калыску майстраваў для свайго насьледнічка. Ён быў пэўны, што гэта будзе сын. Мунька стараўся гаварыць басам, цёр сабе двума пальцамі пад носам, нібы вусы круціў. Вельмі паважна трымаўся — бацька!
У гэтых клопатах Танзілія не прыкмячала, як ішоў час. Месяц за месяцам імчаліся прытка, нібы