Яна ўспомніла свайго мужа і вярнулася да звычайнага стану. Але якраз тут яна знайшла адказ на сваё запытаньне:
— Гэта будзе „той“, хто мне спадабаецца!
Такі просты адказ…
Так яно і сталася.
І дзіўна, што пасьля „гэтага“ „ён“ Танзілію нават болей ня цікавіў. Усе яе мары аб „ім“ зусім непатрэбны былі. Яе болей усяго цікавіла будучае дзіцё.
У „тыя“ дні яна была надзвычайна прыхільна да свайго мужа. Дарыла яму такія ласкі, якіх ён ад яе раней ніколі на меў. Яна панекалькі разоў на дзень нашэптывала яму, што зацяжарыла. Адчувае ўжо, што напэўна будзе дзіцё.
Пад яе вачыма закрасавалі глыбокія сінія кругі першыя за ўвесь час яе доўгага дзявоцтва. Першыя маршчынкі шчасьця пляліся ў вуглох яе вачэй тоненькімі нітачкамі. Нейкая цьмянасьць зьявілася на твары. Зышла з яго чырвоная фарба. Зрэнкі срабрыстай расою завалакліся…
Зрабілася Танзілія пераборлівай у ядзе, капрызнай і задумёнай. Таемная здаволенасьць лунала над ёю ціхім кажанам.
Яна лічыла дні, тыдні, месяцы…
У „той“ дзень і карова іхняя палявала. Танзілія добра памятае. Каб быць яшчэ болей пэўнай, яна вугалём на сьцяне адзначала пасачкамі месяцы.