усё паветра. Над Танзіліяй нізка над галавой кружыліся птушкі. У сьветла-сінім паветры іхнія скрыдлачкі так ярка вызначаліся, што можна было пералічаць кожную пярынку.
Якім павінен „ён“ быць?
Раптам ад гэтага запытаньня Танзіліі зрабілася надзвычайна лёгка і сьветла на душы.
Усё лепшае, чыстае і прыгожае, якое яна магла падабраць пад свой густ, — яна падабрала: і голас, і рост, і валасы, і вочы. Як-бы ўгледзіла „яго“ жывым перад сабою.
„Ён“ павінен быць такім, аб якім песьні складаюць, які прыносіць сонца і радасьць, ад якога боль асалодай здаецца.
„Ён“ павінен быць…
Мары Танзіліі пачалі мітусіцца, як матылькі, як птушкі.
„Ён“ павінен быць…
Танзілія надзяліла свайго выбраньніка-героя ўсімі яскравымі колерамі сваіх імкненьняў, усім вясновым і прамяністым, што палыхае ў яе душы, у яе выабражэньні.
Яна вышла на пасеку, дзе залацілася жытняе поле, перасыпанае сінімі вочкамі васількоў. Гудзелі пчолкі. Адчыніўся перад вачыма вялікі прастор, які пасьля густога лесу, здаваўся яшчэ больш вялікім.
Дзе-ні-дзе водаль хадзілі па справах вяскоўцы. Пры людзях мары Танзіліны як-бы скомкаліся і патухлі.