і маладыя дзяцюкі, прыгожыя, брыдкія і так сабе мужчыны.
Якім павінен быць „той“, хто дасьць жыцьцё яе будучаму дзіцяці?
Гэтага запытаньня Танзілія сабе раней не задавала. Яно вылезла раптам, само сабою. Нібы кабета ступіла нагой у ваду, якая абрызгала ёй твар. Спачатку ёй здавалася, што „ім“ можа быць кожны, хто толькі да гэтага мае здольнасьць… кожны, хто ў гэтым выпадку зьяўляецца супрацівалегласьцю яе мужу. А такім мог быць бадай любы з вясковых гасьцей. Аднак, ад гэткай думкі ёй неяк агідна зрабілася. Не! так ня можа быць, ня можа быць!
Танзілія ўздрыганулася ўсім целам ад такой магчымасьці.
— Дык якім-жа павінен „ён“ быць?
Гэтае пытаньне не давала ёй спаць па начах. За Муньку яна вышла замуж не па свайму ўласнаму выбару, а па загаду бацькоў. Мунька ёй не падабаўся. Многа сьлёз яна пралівала, але нічога не памагала. Пасьля вясельля ўгаварвала сама сябе, што так павінна быць.
Прызвычаілася.
Але цяпер выбар залежыць ад яе самой, ад уласнай волі. Тут на дапамогу вярнуліся, як мілыя госьці, мары дзявочых гадоў. Яны былі ўжо зацягнуліся туманам забыцьця, але Танзілія дзьмухнула гэтае забыцьцё, адкінула заслону, — і дзявочыя думкі-лятуценьні ўваскросьлі перад ёю, як-бы толькі нарадзіліся на сьвет.