Перайсці да зместу

Старонка:Танзілія (1927).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лінага сэрца; яна даўно ў думках парашыла так рабіць, толькі Зося сваім шушуканьнем на вуха ўскорыла гэта на некалькі тыдняў, а можа нават і месяцаў. Інстынкт маткі быў у Танзіліі мацней за прадстаўленьне аб граху, за небясьпеку з боку мужа.

Значыць, мары яе спраўдзяцца. Яна будзе мець дзіцё.

Гарачыя іскры праніклі ўсё яе цела, апалілі яе кроў агнём, спапялілі яе смутак і вечны адчай.

Танзілія як-бы зноў на сьвет нарадзілася. У вачох зьявілася пэўнасьць. Губы сьціснуліся ад нейкай цьвёрдай рашучасьці, яны прырасьлі да зубоў, і ад іх зьверху астаўся толькі тоненькі чырвоны шнурок, бы разрэз вострым нажом. Пульхлыя пальцы яе болей упартымі зрабіліся. У паходцы і ў рухах зьявілася напорыстасьць, як-бы з кожным крокам сваім яна ўпіраецца ў нейкае нявідочнае палатно, якое прабівае грудзьмі, сабою.

Ад адной толькі рашучасьці і пэўнасьці, што ў яе будзе дзіцё, усё вакол Танзіліі прыняла іншы выгляд і воблік. І хату, і людзей, паляну і лес яна акрапіла колерамі сваіх захаваных думак і настрояў. Усё перад ёю выглядала пановаму, паінакшаму. Танзіліі здавалася, што раптам ні з таго, ні з сяго сьвет перад ёю зьмяніўся, бо яна пачала глядзець на яго іншымі вачыма.

Да мужа яна падыходзіла з вялікай спакорлівасьцю, уважлівасьцю і чуласьцю. Гэта ня быў страх і затуманеньне вачэй перад будучым праступкам, але