Старонка:Таварыства філёматаў-2.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мікіта

О, мая ж ты зорка ясна,
Доўга-ж цябе любіць буду?
Уздыхаць яшчэ напрасна
І цярпець на сэрцы нуду?

Ня будзеш ты літавацца
Над няшчасным Мікітаю?
Час табе, міла, пазнацца,
Што ты для мяне мукаю.

Цярплю доўга, выглядаю
Пацехі ад цябе, люба,
Няхай жа ўжо яе маю,
- Ня будзь ты для мяне згуба!

Ці ж дагэтуль не пазнала,
Што я за табою гіну?
^очаш жа, каб аглядала
Маяе[1] сьмерці гадзіну?

Пазнай, любая Алёнка,
Тваё шчасьце, тваю долю;
Будзеш меці ўсютанька
Паняю[2],— дам табе волю.

У мяне сотня авечак
Па зялёнай ходзіць пашы;
Кароў, бычкоў, цялушачак
Поўны ёсьць аборы нашы.

Чарназемны мае нівы
Пшаніцу родзяць буйную[3];
Садок ёсьць, у ім грушы, сьлівы;
Хату маю ня курную.

Ня будзеш меці швагеркі
Ані з дзевера назолы;
Я ня прывык да кватэркі[4],
— Будзеш жыці, як анёлы.

Ня вельмі-ся тож і брыдкі,
Глядзеўся ў чыстым ручаю;
Гэта ўжо былі-б збыткі
— Назваць мяне негадзяю.

Эй, любі мяне, Алёнка,
Застань маёю жаною;
Узойдзе для нас шчасьця слонка,
Добра будзе-ць з Мікітою.

Далей ідзе заключнае слова дзесятніка, дзе беларускія выразы перакручваюцца часам паводле польскае фонэтыкі, але часьцей, наадварот,— польскія словы даюцца ў беларускім вымаўленьні. Каб даць дакладную навуковую транскрыпцыю ўсяе гэтае наўмыснае блытаніны, трэба мець на ўвазе мовазнаўчыя мэты. А дзеля літаратурных досьледаў, можна абмежавацца тым фактам, што тут аўтар падкрэсьлівае пэўную сувязь паміж панамі ды мужыкамі, як і належыць тагачаснаму романтыку.

  1. „Маее" — дыялектычная форма замест "мае" (р. скл. адз. ліку. ж. р.)
  2. Замест „Паняю" ў аўтэнтыку стаіць недарэчнае panieje.
  3. Таксама замест „буйную" стаіць bojauju, але „слонка" замест „сонейка"— зах.-белар. слова.
  4. „кватэрка" ў сэнсе: „кварта, даволі вялікая пляшка".