Старонка:Таварыства філёматаў-2.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чачот зьбірае беларускую народную творчасьць, сам піша пабеларуску. Можна думаць, што якраз яго даўнейшыя посьпехі ў гэтым напрамку сярод прыяцеляў— філёматаў— і асьмельваюць ды заахвочваюць яго да працы пасьля шмат­гадовага перапыну.

Дэвіз філёматаў: ojczyzna, nauka, cnota ня быў ажыцьцёўлен поўнасьцю.

Бліжэйшая бацькаўшчына, Беларусь у пэўнай меры зазась­цілася магутным воблікам даўнейшае фэдэрацыйнае— Польска-Літоўскае Рэчы Паспалітае, але добра й тое, што пачуцьцё беларускасьці ня было згублена канчаткова.

Навука шанавалася філёматамі, роднаму краю прысьве­чаны навуковыя юрыдычныя досьледы: Пясэцкага па дзяр­жаўнаму праву Літоўскага княства ды па крымінальнаму праву (аб карах паводле Літоўскага Статуту). Таксама ён-жа піша даклад і па сямейнаму праву. Літаратурнаю дзейнасьцю сваіх землякоў філёматы цікавіліся асабліва. Яны разьбіралі крытычныя творы сваіх таварышоў.

Так Чачот разгледзеў „Орлеанскую Дзеву" ды „Курганок Марылі“ Міцкевіча. Але наогул навуковым дасягненьням філё­маты аддавалі шмат часу.

Нупрэй Петрашкевіч цікавіўся ўплывам цяпла на жыцьцё расьлін. Ён-жа напісаў крытыку на крытыку, аналізаваў Міцкевічавы Uwagi nad Jagiellonida Тамашэўскага.

Тамаш Зан цікавіўся спосабамі разьвязваньня неазнача­ных раўнаньняў і аб гэтым зрабіў даклад.

Цяжка вырашыць пытаньне, што, уласна кажучы, разу­мелі філёматы пад словам „цнота". У кожным разе— ня тое, што звычайна завецца ўстрыманасьцю ў выражэньнях. Але калі мы прымем з асьцярожнасьцю гэтыя абвінавачваньні адзін аднаго ва ўсіх чыста сьмяротных грахох, дык знойдзем і некаторыя добрыя рысы ў сэнсе моральным. Папершае, філё­маты абавязкова павінны былі быць і ў сапраўднасьці былі шчырымі.

Далей, у іх існавала шырокая ўзаемадапамога ня толькі матэрыяльнымі сродкамі, але таксама й моральным падтрыманьнем.