Старонка:Таварыства філёматаў-2.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Наш ты міленькі Адам,
Насмуціў-жа ты нас досьць,
— Нагарадзі смутак нам
І будзь у нас доўга госьць!

__________

Якое значэньне для пазьнейшае эпохі мела таварыства філёматаў?

Папершае, яно ўсё-ткі мела нешта дадатнае ў сваёй пра­граме— яно змагалася з рэлігійным фанатызмам, з дэспотызмам царскіх урадоўцаў, з фальшывасьцю, двудушнасьцю гэтак зва­нае вышэйшае клясы ў грамадзе.

Далей, яно прымала ўдзел у барацьбе літаратурных на­прамкаў. Пры гэтым яно бараніла паступовы (для таго часу) кірунак.

Урэшце, — і гэта найбольш для нас цікавае, — філёматы высьмяхалі тых, хто ганьбаваў, грэбаваў роднаю моваю. У таварыстве філёматаў не заўсёды, але часам ужывалася беларуская мова. Гэта факт — першараднага значэньня.

У таварыстве філёматаў узгадаваўся вялікі мастак слова— пісьменьнік у польскай мове Адам Міцкевіч. Яго польскія вершы прасякнуты духам беларускае народнае творчасьці, поэзіяю беларускага быту. Праўда й тое, што быт гэты— шляхоцкі, нам чужы. Але-ж гэта ўсё-ткі быт тае клясы, якая ў пэўнай эпосе кіравала інтэлектуальным жыцьцём нашае бацькаўшчыны. Таму гістарычнае значэньне твораў Міцке­віча не знаходзіцца пад пытальнікам. Таксама, здаецца, і мас­тацкае значэньне вершаў Міцкевіча для ўсіх ясна ды зра­зумела.

У гэтай-жа школе ўзгадаваўся і Ян Чачот.

Бясспрэчна і ідэолёгія Чачота— яго дыдактычная поэзія- парады мужыком, чаму вучыць дзяцей, як будаваць хату, калі можна піць гарэлку і ў якой колькасьці— не захапляюць нас. Мы ўжо адвыклі ад думкі, што мужык— гэта малое дзіцянё якое без апекі кроку ступіць ня можа і не павінна.

Цікава, што Чачот у працягу доўгага часу захаваў у сваіх творах характэрны для філёматаў дыдактызм. Парады Чачота— паліатывы, думкі яго— наіўны, але сярод цёмнае ночкі царскага дэспотызму, ён, хоць і на свой лад, усё-ткі клапаціцца аб сялянах. А гэта варта адзначыць.