Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ты не памрэш, але памрэць сын твой, які радзіўся ў цябе". ― У страшным смутку чакаў Давід спаўненьня прысуду і заспакоіўся толькі тады, калі сын узапраўды памёр. Давід усё жыцьцё сваё горка каяўся перад Богам у сваім граху і пладом гэтага каяньня зьявілася ведамая псальма: "Памілуй мяне, Божа, па вялікай Тваёй міласьці". Каяньне Давіда было такое шчырае, што Бог вярнуў яму міласьць і у знак гэтага паслаў яму ад Вірсавіі другога сына Салямона, які зрабіўся ня толькі наступнікам Давіда, але і роданачальнікам Мэсіі. Узгадаваньне Салямона Давід даручыў прароку Нафану.

§ 65. Бядоты ў кіраваньне Давіда. Паўстаньне Авэсалома.

Злачынства Давіда як-бы заразіла ўсё сямейнае жыцьцё яго, і з гэтага часу ў доме Давіда пачынаецца ліха. Вінавайцай стаўся сын Авэсалом, які надумаў адняць ад бацькі царскую ўладу. Ён быў прыгожы і ўсіх цягнуў да сябе сваім абыходжаньнем: „ува ўсім народзе ня было мужчыны гэткага прыгожага, як Авэсалом, і гэтак пахвалянага як ён; ад падэшвы ног да вярха галавы ня было у яго заганы". Асабліва прыгожыя былі ў яго валасы. Хочучы набыць любоў народу і выклікаць няпрыхільнасьць яго да бацькі, ён кожны дзень зраньня выходзіў да гарадзкое брамы, абнімаў і цалаваў усіх, хто толькі падходзіў да яго, шануючы ў ім царскага сына, і калі хто йшоў да цара на суд, дык, выслухаўшы яго, звычайна дадаваў з учасьцем: "бачу, твая справа справядлівая. Але ў цара няма каму выслухаць цябе. О, каб мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! я кожнага судзіў-бы па праўдзе". Калі Авэсалом такім шляхам набыў сабе выстарчаючы лік прыхільнікаў, дык ён неспадзявана выдаліўся ў старую сталіцу Хэўрон і тамака адкрыта падняў паўстаньне проці бацькі. Прыхільнікі, ― у ліку якіх быў і Ахітафэл, які, відочна, шукаў поваду памсьціцца Давіду за Урыя, ― абвясьцілі Авэсалома царом Ізраільскім. У народзе ўтварылася вялікае ўзбуджэньне і разьдзяленьне. Давід з сям'ёй прымушаны быў уцякаць з Ерусаліму. Каля яго гуртаваўся толькі невялічкі аддзел войска, складзены з філісьцімлянаў. Давід перайшоў ручай Кедрон. Тутака да яго далучыліся адданыя яму пер-