Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

памазаў на царства малодшага Есеевага сына ― Давіда, тады яшчэ юнака, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. Памазваючы Давіда, Самуіл аднак не сказаў яму, што прызначае яго царом яўрэйскага народу. З гэтага дня спачыў на Давідзе Дух Божы, пачаўшы рыхтаваньне яго да царскага служэньня, а ад Саула адступіў. Саул надта засмуціўся. Грызота сумленьня мучыла яго. Каб пазабаўляць цара, прыбліжаныя яго парадзілі яму паклікаць Давіда, які вельмі добра іграў на арфе. Давід быў пакліканы да Саула і, калі Саул прасіў, дык Давід іграў для яго і сьпяваў сьвяшчэнныя песьні. Саулу рабілася лягчэй на сэрцы. І палюбіў Саул Давіда і зрабіў яго сваім зброяносцам. Але служба гэтая не перашкаджала Давіду час ад часу адходзіць у дом бацькі, дзе Давід пасьвіў яго статкі.

§ 62. Узвышэньне Давіда. Варожасьць Саула да Давіда. Сьмерць Саула.

Хутка здарыўся выпадак, які зрабіў ведамым імя Давіда ўва ўсім царстве. У яўрэяў вялася вайна з філісьцімлянамі. Калі ворагі паблізіліся адзін да аднаго, дык з лягеру філісьцімлянаў паказаўся волат Голіаф, ростам 4¼ арш., узброены з ног да галавы. Ён выклікаў сабе супраціўніка на паядынак, гаворачы: "калі я перамагу ― вы будзеце нашымі рабамі; ён пераможа - мы будзем вашымі рабамі". Ніхто з яўрэяў не адважваўся выйсьці супроць Голіафа.

У гэты самы час, па даручэньню свайго бацькі, прыйшоў у лягер яўрэяў Давід, каб перадаць гасьцінцы тысячаначальніку і праведаць сваіх старшых братоў. Чуець ― Голіаф, у прысутнасьці ўсяго лягеру, пяруновым голасам зьдзекуецца над трусьлівасьцяй і маладушнасьцяй яўрэяў. Закіпела абурэньнем гарачае сэрца Давіда, пачуў ён у сабе нястрыманую адвагу. Ён абвясьціў Саулу, што пойдзе біцца з Голіафам. Саул маніўся адгаварыць свайго любімца, але Давід быў няўгібны. Узяў ён у рукі свой посах пастухоўскі, выбраў пяць гладкіх каменьчыкаў, палажыў у сваю пастухоўскую торбачку і пайшоў на Голіафа. Гасподзь памог Давіду і трапным ударам каменя з прасткі ён папаў Голіафу проста у лоб, аглушыў яго, а пасьля, падскочыўшы