Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да яго з шпаркасьцю ласіхі, яго-ж мечам адсёк яму галаву. Філісьцімляны пабеглі; яўрэі далёка гналіся за імі і шмат іх забілі.

Перасьледаваньні Давіда Саулам. Калі Саул і Давід варочаліся дамоў, пасьля перамогі над філісьцімлянамі, дык жанчыны гарадоў, праз якія яны праходзілі, выбягалі ім насустрэчу й пяялі: "Саул перамог тысячы, Давід Дзесяткі тысячаў". Гэта надта не спадабалася Саулу. Ён пачаў зайздросьціць славе Давідавай і задумаў нат забіць яго; ― дзеля гэтага два разы, нібы ў прыпадку шалу ці разьюшаньня, кідаў у яго капём, але Гасподзь захоўваў Давіда.

Другі раз за руку дачкі свае Мэлхолы, якая пакахала Давіда, Саул патрэбаваў ад яго галоваў 100 філісьцімлянаў, разьлічваючы на тое, што ў гэтым небясьпечным прадпрыемстве ён згіне. Але Давід забіў 200 філісьцімлянаў і адтрымаў руку Мэлхолы. Пасьля гэтага Саул пачынае адкрыта прасьледаваць свайго зяця. Але Давід цярпліва зносіў усе гэтыя прасьледаваньні, ня будучы злопамятным ці імсьцівым, хаця Саул няраз быў у руках яго. Напрыклад, адноўчы Саул увайшоў у пячору, дзе знаходзіўся Давід з сваімі сябрамі, і той толькі ціханька адрэзаў край адзеньня Саула, і не забіў яго, бо "ён ― памазаньнік Божы". Другі раз уночы, калі ўсе паснулі, Давід прабраўся ў лягер Саула і ўзяў капе, якое стаяла каля галавы Саула, і ізноў самога не зачапіў. Саул каяўся ў сваёй бязглуздай ненавісьці да Давіда і багаслаўляў яго велікадушнасьць. Але з працягам часу ўсё такі не пераставаў прасьледаваць Давіда, дзякуючы чаму ён быў прымушаны выдаліцца на час з зямлі яўрэйскае.

Сьмерць Саула. Цяжка было на душы ў Саула. Сьмерць Самуіла (памёр 88-х гадоў аплакваны ўсім народам) узмацніла яшчэ болей яго мукі. Страшэнная нуда сьціскала сэрца Саула, а тутака яшчэ надходзіла грозная небясьпека з боку філісьцімлянаў, якія йшлі на яўрэяў з вялізарным войскам. Прадчуваючы нядобрае, ён праз першасьвяшчэньніка запытаўся ў Бога аб рэзультаце будучае бітвы, але Бог не адказаў яму, бо яго вера была слабая. Тады цар-небарака, жадаючы даведацца аб сваёй долі, зьвярнуўся да забабонаў. Уночы, з двома слугамі, пераапрануўшыся, Саул прыйшоў да чараўніцы ў Аэндоры. Яна пачала варажыць. Раптам