Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сінай. Тут Майсей ад імя Божага абвясьціў народу аб гэткім дараваньні прыказаньняў: „калі вы ― сказаў Бог ― будзеце слухацца мяне, то я выдзялю вас з усіх народаў і будзеце у Мяне царствам сьвяшчэньнікаў, сьвятым народам". Народ малітваю і постам пачаў рыхтаваць сябе да таго, каб выслухаць волю Божую. І вось ― гэта было у 50-ты дзень па выхадзе з Эгіпту ― раптам густы вобалак пакрыў верхавіну гары, зазьяла маланка, пачуўся гром і гук трубы. Народ увесь задрыжаў. Па загаду Божаму, Майсей з Ааронам вывялі народ з лягеру і паставілі яго бліжэй да гары, азначыўшы граніцу, якую, пад страхам сьмерці, забаранілі пераступаць. Майсей з Ааронам узыйшлі на гару. Яна відочна хісталася і траслася. Трубны гук рабіўся ўсё мацнейшым. Нарэшце, сярод грукату грому і маланкі, пачуўся голас. Гэта Гасподзь вымаўляў народу тыя 10 прыказаньняў, якія павінны былі легчы у аснову жыцьця яўрэйскага народу, якія нават да сёньняшняга дня зьяўляюцца меркаю жыцьця і моральнасьці ўсякага чалавека. Ось гэтыя прыказаньні:

1) Я ― Гасподзь Бог твой, хай ня будзе ў цябе іншых багоў, апрача Мяне.

2) Не ствары сабе куміра і ўсялякай падобнасьці ні таго, што высока на небе і нізка на зямлі, ні таго, што ў вадзе пад зямлёю, ― не пакланяйся ім і ня служы ім.

3) Ня ужывай Імя Госпада Бога твайго дарэмна.

4) Памятай дзень суботні, каб сьвяткаваць яго; шэсьць дзён працуй і споўніш у іх усе справы твае; у Дзень-жа сёмы субота Госпаду Богу твайму.

5) Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб добра табе было і каб доўгалецьце меў на зямлі.

6) Не забівай.

7) Не чужалож.

8) Не крадзі.

9) Ня сьведчы непраўдзіва на друга твайго.

10) Не пажадай жонкі друга твайго, не пажадай дому бліжняга твайго, ні сяла яго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго, ні усякай скаціны яго, ні ўсяго, што ёсьць у бліжняга твайго.