Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэты замер яго. У думцы сваёй ён ужо даўно выбачыў Якаву, асабліва дзякуючы таму, што Ісаў, усё больш і больш выказваў сваю няздольнасьць да пяршынства[1].

§ 20. Адход Якава ў Мэсапатамію. Зданьне таемнай драбіны. Жыцьцё Якава ў Лавана.

Баючыся Ісава, Якаў пайшоў у Мэсапатамію, у Харран, дзе жыў Лаван, брат Рэвэкі ― рушыў адзін, без падарожнікаў. У першы дзень ён прайшоў блізу што 60 вёрст, і змораны лёг спаць сярод чыстага поля, падлажыўшы пад галаву камень, замест падушкі. Гэта было тое самае месца, дзе некалі Абраам паставіў ахвярнік Богу. І пад уплывам усіх нядаўна мінулых здарэньняў, Якаў бачыць дзіўны сон: стаіць на зямлі высокая, высокая драбіна; канцом сваім яна ўпіраецца ў самае неба. Ангелы Божыя ўсходзяць і нісходзяць па ёй. Угары драбіны ― сам Гасподзь, Які паўтарае Якаву абяцаньне Абраамава: "Я ― Гасподзь, Бог Абраама і Ісаака, Зямлю на якой ты ляжыш, Я дам табе і патомству твайму, і багаславяцца ў табе і патомстве тваім усе плямёны земныя, і буду Я ўсюды з табою, куды ні пайдзеш і вярну цябе ў гэтую зямлю". Якаў прачхнуўся. На памяць аб гэтым дзіўным зданьні ён паставіў тут ахвярнік, палажыўшы камень, які ляжаў у яго пад галавой, і паліўшы алею, які быў пры ім. І назваў Якаў гэта месца Вэфілем, г. з. домам Божым.

Прыйшоўшы ў Харран, Якаў асяліўся ў Лавана і заняўся гадоўляй жывёлы. Якаў пакахаў малодшую дачку Лавана прыгожую Рахілю. Лаван згадзіўся выдаць яе замуж за Якава, калі той будзе працаваць на яго 7 гадоў. Якаў не супярэчыў. Прайшло 7 гадоў. Настаў дзень шлюбу. Нявесту тады прыводзілі да жаніха пад пакрывалам. Калі пасьля шлюбу і шлюбнага вясельля маладая скінула пакрывала, пад ім аказалася лія, старшая дачка Лавана. Якаў быў ашуканы. Апраўдаваючыся Лаван сказаў, што звычаі іх зямлі не дазваляюць выдаваць замуж малодшую дачку раней за старшую, і даў слова выдаць за Якава цераз 7 дзён і Рахілю, калі ён будзе служыць яму яшчэ 7 гадоў, Якаў згадзіўся, і Рахіля стала яго другою жонкаю.

  1. Ісаў трэці раз ажаніўся з дачкою Ізмаіла, якога, як ведама, Абраам выдаліў ад сябе.