Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зьяўленьне Бога Абраму. Абрам бесьпярэчна пакарыўся волі Божай і пайшоў у далейшую дарогу. Калі прыйшлі ў зямлю Ханаанскую (Палестыну), якая была населена бязбожнымі патомкамі Ханаана, дык супыніліся блізка ад гораду Сыхэму. Тут Бог другі раз зьявіўся Абраму і сказаў, што гэтую зямлю Ен аддае патомству Абрама. Такім чынам, зямля Ханаанская ў Палестыне й была той абяцанай зямлёй, якая была прызначана Богам народу яўрэйскаму. На памяць аб гэтым зьяўленьні Бога Абрам пабудаваў у Сыхэме ахвярнік.

Мясцовасьць, дзе пасяліўся Абрам, была бедная пашай для скаціны, дзеля гэтага Абрам пайшоў на поўдзень, а пасьля, дзякуючы голаду, і зусім пакінуў Ханаанскую зямлю, скіраваўшыся на жыцьцё ў Эгіпэт. Калі прайшоў нейкі час, дык вярнуўся ў зямлю Ханаанскую.

§ 11. Разлука Абрама з Лотам.

Калі Абрам жыў у зямлі Ханаанскай, дык шмат няпрыемнасьцяў меў ад Лота, хаця Абрам любіў яго, як роднага сына (Лот быў сіратою). Пастухі статкаў Абрамавых і Лотавых часта сварыліся між сабою, то за пашу, то за калодзежы, і Лот незаўсёды справядліва разьвязваў гэтыя сваркі. Абрам запрапанаваў Лоту разьдзяліцца, тым болей, што ў сваркі сталі ўмешвацца суседнія плямёны. Маючы права ўзяць сабе лепшую частку (па праву старшынства і дзеля таго, што якраз патомству Абрама прызначана Богам зямля абяцаная), Абрам аднак не захацеў скрыўдзіць пляменьніка і аддаў яму выбар месца для пасяленьня: "калі ты пойдзеш налева — сказаў Абрам — дык я пайду направа, а калі ты направа, то я налева". Лот абраў сабе для жыцьця надта прыгожую даліну ракі Іардану, недалёка гарадоў Садому й Гаморы. Жыхары гэтых гарадоў былі надта злыя людзі і грэшныя перад Богам. Абрам застаўся жыць блізка каля Вэфілю. Тутака трэці раз зьявіўся Бог Абраму і сказаў: „з гэтага месца, на якім ты цяпер стаіш, паглядзі на поўнач і паўдзён, усход і захад: усю зямлю, якую ты бачыш (з гары), дам Я табе і патомству твайму назаўсёды і ўмножу патомства тваё, як пясок зямны". Абрам з вераю прыняў абяцаньне Божае. Хутка Абрам пайшоў з Вэфілю на паўдзён да Хэўрону і раскінуў шатры свае ў дуброва Мамрэ.