Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

боку сустракалі зьявы, якія выклікалі ў іх моцнае ўражаньне сваёю вялізарнасьцю ці таемнасьцю. У такіх выпадках чалавек заўсёды інстынктыўна скіроўвае сваю думку да Бога, ці шукаючы ў Яго помачы, ці лічачы Яго Прычынай усіх гэных грозных і магутных зьяваў прыроды. Наглядаючы выбух вулькану, падпадаючы небясьпецы ад страшных кракадзілаў, захапляючыся прыгожым і вялічным вобразам усходу сонца ці бурнага мора, баючыся грому і маланкі ― чалавек мімаволі задаваўся пытаньнем, ці ня Бог адкрываецца ўва ўсіх гэных зьявах? Іншыя захопліваліся адвагай і мужствам некаторых гэрояў, асабліва тых, якія ўславіліся у родзе і сталі таксама ўбагаўляць іх. Так, у канцы канцоў, зьявілася ўбагаўленьне розных сілаў зьяваў прыроды, жывёлаў, сьвяцілаў нябесных і чалавека. Замест аднаго нявідзімага Бога, зьявілася грамада відзімых багоў. Гэтыя багі дзяліліся на добрых і злых, гледзячы на тое, ці прыносілі яны чалавеку шкоду ці дабро. Але убагаўляючы, чалавек таксама маніўся і вобраз гэтых багоў мець заўсёды каля сябе, каб можна было зварочвацца да іх ува ўсякай нядолі. Так зьявіліся куміры ці ідалы, якіх пачалі рабіць з дрэва, каменя ці металю і якім пачалі пакланяцца. Пакланеньне ідалам, зьвязанае з рознымі забабонамі, малітвамі й абрадамі, называецца ідалапаклонствам. Ідалапаклоньнікі звычайна называюцца паганцамі.

Спачатку людзі лічылі ідалаў толькі падобнасьцяй сваіх багоў, пасьля пачалі думаць, што ў кумірах жыве боская сіла, і пачалі ім пакланяцца, як самым багом. Каб уміласьцівіць іх, яны сталі прыносіць ім у ахвяру ўсё лепшае і найдаражэйшае, што толькі было: розныя рэчы, жывёлы, людзей, сваіх дзяцей. Людзі, якія прыносілі ахвяры, называліся жрэцамі, а будынкі, у якіх стаялі ідалы ― храмамі і капішчамі.

З працягам часу у адных разьвівалася пераважна ўбагаўленьне сьвяцілаў нябесных (сабеізм у Мэсапатаміі), у другіх убагаўленьне жывёлаў (зоотэізм у Эгіпце), у іншых, як напрыклад, у Грэцыі ― абагаўленьне чалавека, розных яго душэўных сілаў і здольнасьцяў, а таксама і вадаў (антропотэізм).

Ідалапаклонства ў долі чалавецтва адгуляла надта