Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ліме было мала жыхароў, ― па думцы Нээміі, ― з народу па жэрабю была абрана дзесятая часьць, і ўсе паказаныя жэрабем павінны былі з гарадоў і вёсак перасяліцца у Ерусалім.

Вызваленьне юдэяў і ўмацаваньне Ерусаліму выклікала з боку самаранаў страшэнную варожасьць да юдэяў, якія плацілі ім тым самым пачуцьцём. Юдэі не хацелі мець ніякіх зносінаў з самаранамі і называлі іх ня іначай, як сабакамі. Яны лічылі грахом увайсьці ў хату самараніна, сядзець з ім за адным сталом, піць ваду з яго рукі і г. д.

Гэтым не абмяжоўвалася дзеяльнасьць Нээміі. Ён выдаў шмат распараджэньняў, якія мелі на мэце палягчэньне долі бедных людзей і наагул упарадкаваньне грамадзкіх узаемаадносінаў. Так, Нээмія ўпрасіў багатых юдэяў зьвярнуць перайшоўшыя да іх ад бедных людзей палі, будынкі, сады і вінаграднікі, і забараніў ім браць процанты з чужынцаў. Пасьля Нээмія настаяў на спаўненьні тае пастановы закону Майсеевага, на падставе якой у суботні год трэ было даваць адпачынак зямлі і адпускаць рабоў на свабоду. Нарэшце, ён зьвярнуў увагу на нястачу коштаў для ўтрыманьня храму і сьвяшчэньнікаў пры ім, і адносна гэтага таксама выдаў некалькі распараджэньняў.

Два разы Нээмія падарожнічаў у Ерусалім дзеля рэарганізаваньня жыцьця народнага і, нарэшце, вярнуўся на сваю пасаду пры пэрсідзкім двары.

Пасьля Нээміі юдэямі кіравалі першасьвяшчэньнікі. Яны зьбіралі з народу даніну і плацілі яе тым царом, пад уладаю якіх юдэі знаходзіліся. Першасьвяшчэньнікі стаялі на чале вялікае сынагогі, якая складалася з 120 старшыняў. з працягам часу з сынагогі выдзяліўся сынэдрыён[1] ― асобнае вышэйшае судзілішча. Пад уладаю Вялікага ці Ерусалімскага Сынэдрыёну у провінцыяльных гарадох таксама былі ўтвораны суды, якія называліся малымі сынэдрыёнамі.

Каля часу Ээдры і Нээміі жыў прарок Малахія, які зьяўляецца апошнім старазаветным прарокам. Малахія высьведчаваў юдэяў за адно вонкавае спаўненьне абрадавага

  1. Сынэдрыён ― грэцкае слова, значыць "сабраньне".