Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Б. Час цароў ад разьдзяленьня царстваў да палону Вавілонскага (980―589 г. г. да Х. Н.).

ГІСТОРЫЯ ЦАРСТВА ІЗРАІЛЬСКАГА (980 ― 722) І ЮДЭЙСКАГА (980 589).

§ 70. Агульны агляд пэрыяду трох вялікіх цароў і прычыны, якія падрыхтавалі разьдзяленьне царства яўрэйскага.

Пэрыяд кіраваньня трох вялікіх цароў яўрэйскага народу быў часам, калі ўва ўсёй паўнаце зьдзейсьніліся вялікія абяцаньні, дадзеныя патрыархам Абрааму, Ісааку і Якаву і прароку Майсею, - калі яўрэйскі народ дасягнуў найвышэйшага свайго росквіту, дабрабыту, славы і магутнасьці, ― калі ён яскрава выявіў сваю здольнасьць да самастойнага палітычнага існаваньня, сваю нацыянальна-культурную творчасьць, калі ўсім складам свае гаспадарственнае і грамадзкае будовы даў узор праўдзівага "богакіраваньня", ― калі нарэшце, разьвіўшаяся з гэтага прынцыпу яўрэйская культура перадалася і іншым народам і далучыла іх да таго "сьвятла", якім асабліва сьвяціла сярод цемры паганства рэлігія Іеговы.

Далейшы лёс яўрэйскага народу прадстаўляе сабою гісторыю паступовага падзеньня яўрэйскага царства, і прывядзеньня магутнага ізраільскага народу на ступень паднявольнага народу, асуджанага служыць чужым уладаром і перакідацца з аднаго ярма пад другое.

Вонкавым выражэньнем гэтага заняпаду было перадусім тое разьдзяленьне яўрэйскага царства, якое здарылася пасьля сьмерці Салямона. Гэтае разьдзяленьне ня было выклікана якімі-колечы выпадковымі прычынамі. Яно было падрыхтавана ўсёй папярэдняй гісторыяй узаемаадносінаў паўночных і паўднёвых каленаў, аддзяліўшыхся палітычна адно ад аднаго ў 980 г. да Х. Н.. Між імі здаўна йшло спаборніцтва з-за палітычнае й рэлігійнае перавагі. Паўночныя калены (на чале з эфрэмавым), якія пераважалі лікам калены паўднёвыя, сталі надта варожа адносіцца да гэтых апошніх, калі пачалося іх узвышэньне, дзякуючы абраньню паміж іх цароў і заснаваньню на іх зямлі сталіцы царства і храма ерусалімскага ― галоўнае сьвятыні яўрэйскага народу. З гэтым усім для паўднёвых каленаў зьвязаны былі пэўныя палітычныя эканамічныя правы і прывілеі: яны больш за іншых прымалі ўчасьце ў дзяржаўным будаўніцтве, больш мелі ўплыву на ход гаспадарственнага жыцьця. больш мелі прыступу да розных адміністрацыйных і прыдворных пасадаў, больш карысталіся з таго гандлёвага руху, у які быў уцягнуты яўрэйскі народ мудрай палітыкай Салямона, нарэшце, больш за іншыя калены награмадзілі ў сябе ўсялякага багацьця й скарбу. Прывілейнае палажэньне паўднёвых каленаў, узмацаваўшыхся за рахунак паўночных, натуральна выклікала большы-меншы заняпад і крайнае незадаваленьне апошніх. Гэтае незадаваленьне і выкарыстаў чэсталюбны Іеровоам, які пасьпяшыў вярнуцца на бацькаўшчыну, як толькі пачуў аб сьмерці Салямона.