Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ролю у жыцьці народу, а цяпер, у постаці Давіда і Салямона, павінна было падпарадкавацца ненавіснаму калену Юдаваму, Іеровоам, бачачы прыдворнае бязладзьдзе і незадаволеньне народнае, узгадаваў у душы сваёй лятунак ― заняць пасад Салямона і праз гэта вярнуць свайму роднаму калену пяршынство у гаспадарстве. Гэты лятунак асабліва ўзмацаваўся ў ім пасьля адведзінаў яго прарокам Ахіяй, які, спаткаўшы Геровоама адноўчы ў полі, разарваў перад ім свой плашч на 12 часьцінаў і, аддаючы дзесяць з іх Іеровоаму, сказаў, што "так разьдзярэць Гасподзь царства ізраільскае і што пры наступніку Салямона да яго, Іеровоама, адыйдуць дзесяць каленаў ізраільскіх, а за домам Салямонавым застанецца толькі два калены".

Калі вестка аб гэтым дайшла да Салямона, дык ён даў загад забіць Іеровоама, але той уцёк у Эгіпэт, дзе і хаваўся да самае сьмерці Салямона.

Сярод такіх трывог і спробаў Салямон набліжаўся да сьмерці. Старажытнае паданьне кажа, што ён пры канцы жыцьця свайго пакаяўся перад Госпадам. Пацьвярджэньне гэтага можна бачыць у напісаных ім кнігах[1], дзе рысуецца чалавек, які, ня гледзячы на тое, што поўнаю чашай адведаў усе ўцехі жыцьця і насалоджваўся ўсімі прыемнасьцямі зямлі, застаўся незадаволеным і, нарэшце, з горкасьцю прызнаў: "суета сует і ўсё суета (пустата) і прыгнечанасьць духа". Адзінае дабро і заспакаеньне чалавека ― у страху Божым і спаўненьні Яго сьвятога закону. "Бойся Бога і прыказаньні Яго спаўняй, бо ў гэтым усё для чалавека" ― так канчае Салямон одну сваю кнігу.

Салямон памёр у Ерусаліме на 40-м годзе свайго кіраваньня; пахаваны там-жа. Наступнікам сваім Салямон пакінуў адзінага сына свайго Ровоама, які нарадзіўся ад жонкі яго амоніцянкі Наамы.

  1. Салямон напісаў гэткія кнігі пад назовам: "Экклезіаст" (казнадзея), кнігу „Прытчаў", г. зн. кароткіх мудрых навучаньняў аб розных моральных абавязках чалавека і „Песьню песьняў" (самую найлепшую песьню), у якой паказаў любоў Бога да людзей пад відам любові жаніха да свае нявесты.