Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заў: "калі вы і дзеці вашыя пакінеце спаўняць уставы і прыказаньні мае і пачнеце служыць іншым багом і пакланяцца ім, дык я зьніштожу Ізраіля з твару зямлі Мае, якую Я даў яму, і Храм гэты, які Я асьвяціў Імю Майму, адкіну ад твару Майго і зраблю Ізраіля прыповесьцю і пасьмехам ува ўсіх народаў“.

§ 69. Слава Салямона. Яго моральны ўпадак і раскаяньне. Сьмерць Салямона (980 г. да Хр. Нар.).

Будовай храму не абмежавалася будаўнічая дзеяльнасьць Салямона. Ён выбудаваў для сябе на Сіоне пышны палац, які злучаўся з храмам пад земным ходам. Палац быў абкружаны пышнымі садамі і вінаграднікамі. Некалькі іншых палацаў было пабудована ў ваколіцах Ерусаліму, напрыклад, летні палац на Ліване. Уся мэбля, прыладзьдзе і абстаноўка палацаў, таксама царскае адзеньне і пасад Салямонаў ― усё гэта зьдзіўляла сваёю роскашшу і пышнасьцяй. З другіх будоваў Салямона заслугоўваюць увагі новыя сьцены навакол Ерусаліму, вадаправод, будынкі дзяржаўных установаў і г. д.

Уся гэтая і вышэй разгледжаная дзеяльнасьць Салямона, у сувязі з агульным дабрабытам народу, які насалоджваўся спакоем і мудрым кіраўніцтвам, здабыла яму славу, якая складала прадмет зьдзіўленьня і зайздрасьці для ўсіх народаў. Усе суседнія цары і валадары пасьпяшалі выказаць Салямону свае пачуцьці захопленьня і паважаньня. Асабліва выдатнымі прадстаўляюцца адведзіны Салямона царыцаю Саўскаю (з паўдзёнае Арабіі). Наслухаўшыся аб славе, багацьці і мудрасьці Салямона, яна захацела асабіста пераканацца ў праўдзівасьці гэтых расказаў. Каб дасьледаваць мудрасьць Салямона, яна запрапанавала яму шмат пытаньняў у відзе загадак, і на ўсе пытаньні адтрымала мудры адказ. Агледзіўшы ўсе будовы Салямона і пазнаёміўшыся з парадкамі кіраўніцтва, яна сказала: "я ня верыла таму, што мне расказвалі аб справах тваіх і мудрасьці, пакуль ня ўбачыла ўсяго сваімі вачыма. І ось мне і напалову не гаворана; мудрасьці і багацця ў цябе больш, чымся я чула. Шчасьлівы народ твой". Пасьля гэтага яна перадала Салямону багатыя гасьцінцы адтрымаўшы ад