кесарава кесару, а Божае Богу“, або — іншымі словамі: калі народ юдэйскі, пакараны Богам за грахі, страціў сваю дзяржаўнасьць і з гэтае прычыны карыстаецца цяпер манэтай чужых уладароў, дык няма асновы і адмаўляцца плаціць падаткі кесару. Але выконваючы гэты абавязак, вы — кажа Гасподзь — вінны і Богу аддаваць тое, што Яму належыць, г. зн. нясьці Яму сваю бязьмежную веру і любоў і служыць Яму ў праўдзе і чыстаце сэрца. Адно другога не выключае, адно другому не перашкаджае.
„І не маглі — кажа Евангелісты — падлавіць Яго на слове перад народам“, і зьдзіўленыя і прысаромленыя Ягоным адказам, замоўкшы, адыйшлі ад Іісуса Хрыста.
60. Якая запаведзь найгалоўнейшая ў законе.
Мат. XXІІ, 34—40; Мрк. XІІ, 28—34.
Яшчэ падыйшлі да Іісуса Хрыста кніжнікі, і вось адзін з іх, найбольш дасьведчаны ў законе, пытаецца ў Госпада: „Якая самая галоўная запаведзь у законе, праз спаўненьне каторай чалавек дасягнуў-бы праведнасьці?“ Па іх думцы, гэта было самае труднае пытаньне для развязаньня. Яны чакалі, што Хрыстос паклічацца на адну якую-колечы запаведзь: тады можна будзе падхапіць, што ён рэшту запаведзяў лічыць няважнымі І за гэта асудзіць Яго. Што-ж адказаў Іісус Хрыстос хітраму законьніку? „Палюбі Госпада Твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю. Гэта — першая і самая галоўная запаведзь. Другая-ж падобная да яе: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых двох запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі“, г. зн. іх навука.
Законьнік тады і кажа: „Вучыцель! Ты сказаў праўду: любіць Бога больш за ўсё на сьвеце і любіць бліжняга як самога сябе — гэта нават лепей, чым прыносіць ахвяры Богу“. Іісус Хрыстос кажа
яму: „Недалёка ты ад Царства Божага“, г. зн., калі будзеш любіць Бога і бліжняга, дык будзеш у Царстве Божым.