Уся гэтая вялікая па сваёй мудрасьці пропаведзь Іісуса Хрыста зрабіла глыбокае ўражаньне на слухачоў і вучняў Яго. Народ дзівіўся вучэньню Яго, бо Ён вучыў, як Той, што мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
Калі Гасподзь зыйшоў з гары, за Ім пайшло шмат народу.
24. Прыповесьць аб сяўцу.
Мат. XIII, 1—23; Мрк. IV, 1—20; Лук. VIII, 4—15.
Іісус Хрыстос часта навучаў народ прыповесьцямі (прытчамі), бяручы прыклады з блізкага жыцьця.
Прыповесьць Іісуса Хрыста аб сяўцу.
Іншы раз Ён Сам і тлумачыў іх. Прыповесьць аб сяўцу Іісус Хрыстос прамовіў, стоячы ў чоўне пры беразе Галілейскага возера, абкружаны вялікім натоўпам людзей.
Выйшаў сявец сеяць. І калі ён сеяў, іншае зерня ўпала пры дарозе: наляцелі птушкі і паклявалі яго; іншае ўпала на камяністае месца і, ўзыйшоўшы, хутка засохла, бо ня мела вільгаці; іншае-ж упала між цярніною, і вырасла цярніна і заглушыла яго;