ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго“. Гэтымі словамі Іісус Хрыстос навучае, каб мы не перабіралі чужых грахоў, а сьпяшаліся раней ачысьціцца ад сваіх.
„Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас“.
„Вось-жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабеце і вы ім; бо гэта закон і прарокі“.
Аб сіле малітвы Гасподзь гаварыў у такіх словах: „Прасеце і дадзена будзе вам, шукайце і знойдзеце, стукайцеся і адчыняць вам“. Хрыстос вучыць
быць настойлівымі ў шуканьні Царства Божага. Але пры гэтым трэба разьлічваць не на свае слабыя сілы, а на помач Божую, таму трэба маліцца і прасіць яе ў Бога, і „дадзена будзе вам“. „Усякі, хто просіць, дастае і хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняюць. Ці ёсьць між вамі такі чалавек, які, калі-б сын яго папрасіў у яго хлеба, падаў-бы яму камень, і калі-б папрасіў рыбы, падаў-бы яму зьмяю? Бо калі вы — злыя — умееце аднак рабіць добрае дзецям вашым, дык тым хутчэй Айцец ваш Нябесны дасьць добрае тым, хто просіць ў Яго“.
„Уваходзьце праз цесныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе імі; бо цесны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і вельмі мала хто знаходзіць іх. Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя. Па пладох іх пазнаеце іх. Ці-ж зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі? Гэтак усякае добрае дрэва дае і плады добрыя, а благое дрэва дае і плады благія. Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў. Усякае дрэва, што не дае добрага плада, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. Дык па пладох іх пазнаеце іх“.
„Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзі! Госпадзі! ўвайдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў нябёсах“.