хто робіць сябе царом, вораг кесара“. Пачуўшы гэтыя крыкі, Пілат, паказваючы на Госпада, Якога ізноў вывялі да народу, сказаў: „Вось Цар ваш“. Але яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, распні Яго!“ Пілат кажа: „Як я распну Цара вашага?“ Архірэі-ж адказалі: „Няма ў нас цара, апрача кесара“. Што было рабіць Пілату? Каб ворагі адумаліся — на гэта ня было ніякае
надзеі. Пілат не хацеў засудзіць Хрыста, бо лічыў Яго нявінным, але не адважваўся і апраўдаць, бо жыды маглі пашкодзіць яму самому, данёсшы у Рым, што Ён патурае ворагам кесаравае ўлады. І прыдумаў Пілат такі выхад: самому ня выносіць прысуду, але і не перашкаджаць першасьвяшчэньнікам выканаць прысуд, які раней пастанавіў сынэдрыён. Пілат загадаў прынясьці вады, умыў перад народам свае рукі (у знак таго, што ён не бярэ на сябе гэтага злачынства) і сказаў: „Невінаваты я ў крыві гэтага Праведніка; глядзеце: ня я, а вы будзеце вінаватыя“. І адказваючы, увесь народ сказаў: „Кроў Яго на нас і на дзецях нашых“. Так прагрымела страшнае пракляцьце, якое жыды самі наклікалі на сябе і на сваё патомства.
Пасьля гэтага Пілат выдаў загад звольніць з вастрогу Варавву, Іісуса-ж, „біўшы“, аддаў на волю Яго ворагаў.
78. Шэсьце на Галгофу.
Мат. XXѴII, 27—32; Мрк. XV, 16—21; Лук. XXIII, 26—32; Іоан. XIX, 16—17.
Расьпінаньне на храсьце было самым страшным і ганебным пакараньнем сьмерцю. Расьпіналі звычайна самых праступных рабоў і зладзеяў. Цяжэйшае ці горшае сьмерці, як расьпінаньне, няма, бо расьпяты чалавек церпіць мукі пякельныя і смагу нястрывалую, да таго-ж сьмерць настае ня хутка. І вось на такую-то смерць быў засуджаны нявінны Цярплівец за грахі ўсяго чалавецтва.
Пасьля прысуду ваякі - каты ўзялі Хрыста, скінулі з Яго чырвоную акрываўленую вопратку, апранулі