74. Выраканьне і каяньне Ап. Пятра.
Мат. XXVI, 69—75; Мрк. XIV, 66—72; Лук. XXII, 54—62; Іоан. XVIII, 15—18; 25—27.
Ня ўсе Апосталы пакінулі свайго Вучыцеля, калі Той быў арыштованы слугамі архірэевымі. Сьледам за імі на панадворак Кайяфы, як яго знаёмы, увайшоў найбольш блізкі і любы вучань Хрыстоў Ап. Іоанн, якога прывяло сюды глыбокае спачуваньне свайму Вучыцелю і Госпаду. Ня бачачы Пятра, які астаўся за брамаю, Іоанн сказаў прыдзьверніцы, каб упусьціла яго. На пытаньне: «Ці ты ня з вучняў гэтага чалавека?» Пётр адказаў адмоўна, і яна ўпусьціла яго. Пётр падыйшоў да вогнішча, якое распалілі рабы і слугі архірэевы, і пачаў грэцца. Стоячы тут, ён прыслухваўся, што гавораць аб Іісусе. Цікавасьць Пятра зьвярнула на сябе ўвагу прысутных, і вось спачатку адна служанка, а пасьля сваяк Малха, якому Пётр адсёк вуха, кажа Пятру, што яны бачылі яго з Іісусам Галілеянінам. Пётр замяшаўся і адказаў: „Не разумею, што кажаш“. Аднак гэта прымусіла яго адыйсьці ад вогнішча і скіравацца да брамы, каб выйсьці з панадворку. У гэты момант запяяў певень. Пётр увесь здрыгануўся. Тут падходзіць другая служанка і таксама кажа: „І гэты быў з Іісусам Назарэем». Пётр пабажыўся, што ня знае «гэтага Чалавека“. Ен нат’ не назваў Іісуса на імя, каб ня выдаць сябе. Хутка Пётр ізноў вярнуўся на панадворак. І зноў хтось з седзячых пры вогнішчы кажа: „Пэўне-ж і ты з іх ліку, бо мова твая падобная да Галілейскае?“ Страх агарнуў Пятра і ён пачаў бажыцца і прысягацца, што ня ведае Чалавека, аб Якім гавораць“. Аж тым часам суд над Госпадам скончыўся, і Яго вывялі на панадворак. Хрыстос чуў, як Петр выракаўся Яго. Гасподзь з дакорам паглядзеў на Пятра, — раптам і певень запяяў, гэта ўжо другі раз. Тут Пётр успомніў сказанае яму: «Раней, чымсь певень два разы запяе, ты тры разы адрачэшся Мяне».