дзеля чаго прыйшоў“. Тут падступілі да Яго прыйшоўшыя людзі, каб налажыць на Яго рукі. Быўшыя-жа з Ім, бачачы, да чаго даходзіць, спыталіся: «Госпадзі! Ці ня ўдарыць нам мечам?“ А Апостол Пётр, які меў меч, узапраўды выняў яго і ўдарыў слугу архірэевага і адсёк яму правае вуха; слуга-жа той зваўся Малх. Іісус Хрыстос сказаў: «Пакіньце, даволі», і дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго. Апосталу-ж Пятру сказаў: «Палажы меч у ножны, бо ўсе, хто ўзяў меч, ад меча загінуць. Няўжо-ж Я ня вып’ю чары, што даў Мне Ацец? Або ты думаеш, што Я не магу зараз упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць у Маю абарону больш, як дванаццаць легіёнаў Ангелаў? Як-жа збудзецца Пісаньне, што так павінна быць?“ Архірэям-жа і начальнікам царквы ды старэйшынам, якія выйшлі супроць Яго, сказаў: „Быццам на разбойніка выйшлі вы з мечамі і каламі ўзяць Мяне, а тым часам Я кожын дзень сядзеў з вамі ў храме, навучаючы вас, і вы не падымалі на Мяне рукі, але цяпер ваш час і ўлада цемры. Хай збудзецца Пісаньне“. Пасьля гэтага ваякі, тысячнік і слугі жыдоўскія ўзялі Іісуса, зьвязалі Яго і павялі. Тут Апосталы ўсе пакінулі Свайго Вучыцеля і паўцякалі, хто куды. Толькі двох з іх — Пётр і Іоанн здалёк сачылі за ўзяўшымі Іісуса, ды яшчэ нейкі няведамы хлапец, апрануты коўдраю, ішоў за імі, але калі яго схапілі, ён уцёк, пакінуўшы коўдру. Думаюць, што гэта быў Евангеліст Марк.
73. Іісус Хрыстос на судзе Сынэдрыёну.
Мат. XXѴI, 57—68; Мрк. XIV, 53—65; Лук. XXII, 63—71; Іоан. XVIII, 12—24.
Калі прыйшлі ў Ерусалім, дык Іісуса Хрыста павялі спачатку да былога першасьвяшчэньніка Анны, хаця ён, як адстаўны архірэй, і ня меў права судзіць. Анна спытаўся ў Іісуса аб вучнях і аб навуцы Яго. Іісус Хрыстос адказаў: „Я заўсёды адкрыта навучаў народ у храме і ў школе, і тайна, украдкам не гаварыў ніколі. Чаму пытаешся ў Мяне? Спытайся ў тых,