мачная». Яшчэ два разы пасьля таго Іісус Хрыстос адыходзіў ад трох Апосталаў і ў страшнай нудзе сьмяротнай паўтараў тую самую малітву да Свайго Айца Нябеснага: «Отча Мой! Калі ня можа чаша гэтая прайсьці міма, каб Мне ня піць яе, дык хай будзе воля Твая». Вяртаючыся кожны раз да вучняў Сваіх, Ён нязьменна знаходзіў іх сьпячымі: яны нават ня ведалі, што адказваць Яму на Яго пытаньні і дакоры. І толькі за трэцім разам Хрыстос вярнуў іх да пачуцьця запраўднасьці, калі паказаў ім на небясьпеку, якая вось ужо йдзе: «Вы ўсё яшчэ сьпіцё і адпачываеце, але настаў час, і Сын Чалавечы будзе праданы ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем, бо падходзіць той, хто прадае Мяне».
З гэтымі словамі Гасподзь і Апосталы Пётр, Якаў і Іоанн пайшлі да выхаду з саду, дзе знаходзілася рэшта Апосталаў. Праз гушчыню дрэваў віднеліся агні і натоўп людзей, якіх вёў Юда-здраднік, каб выдаць ім на сьмерць Свайго Вучыцеля.
72. Арышт Іісуса Хрыста.
Мат. XXѴI, 47—56; Мрк. XIV, 43—52; Лук. XXII, 47—54; Іоан. XVIII, 3—12.
Юда ведаў, дзе быў Хрыстос з вучнямі. Узяўшы ад архірэяў і начальнікаў жыдоўскіх ваякаў і слугаў з сьветачамі і аружжам, Юда прыходзіць у Гэфсіманію. Калі Ісус Хрыстос, ведаючы ўсё, што з Ім будзе, убачыў азброены натоўп, Ён выйшаў наперад і спытаўся ў іх: «Каго шукаеце?» Яму адказалі: «Іісуса Назарэя». Іісус сказаў ім: «гэта Я». Пры гэтых словах усе прыйшоўшыя адступіліся назад і ўпалі на зямлю — да таго агарнуў страх перад вялікасьцю Хрыста і злачынствам, якое зьбіраліся зрабіць. Праз момант падходзіць да Іісуса Юда, каб пацалаваць Яго, бо так умовіўся ён з начальнікамі: «Каго, — казаў, — я пацалую, Той і ёсьць». Падыйшоўшы да Госпада, Юда запраўды пацалаваў Яго, вітаючы звычайным прывітаньнем: «Радуйся, Равві!“ Гасподзь на гэта адказаў: „Пацалункам Сына Чалавечага прадаеш? Рабі,